ВАЕ́ННАЯ МЕДЫЦЫ́НА,

сістэма навук. ведаў і практычная дзейнасць, якія маюць на мэце ўмацаванне здароўя асабістага складу войск, папярэджанне і лячэнне баявых ран і захворванняў. Тэарэт. асновай ваеннай медыцыны з’яўляецца ваен.-мед. навука — галіна ведаў, якая абапіраецца на навук. даныя агульнай медыцыны і ваен. навукі. У практычнай дзейнасці ваенная медыцына абапіраецца на сістэму і метады мед. забеспячэння ўзбр. сіл. Адным з асн. элементаў ваеннай медыцыны з’яўляецца ваен.-мед. адукацыя — сістэма фарміравання і ўдасканалення ваен.-мед. кадраў і планамернага папаўнення падрыхтаванымі для нясення ваен. службы ўрачамі, фельчарамі і г.д. Стан ваеннай медыцыны і канкрэтныя формы яе развіцця вызначаюцца эканам. ладам грамадства, арг-цыяй узбр. сіл і ўзроўнем развіцця мед. навукі.

т. 3, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)